22 лютага ў клюбе Реактор пройдзё штогадовы фэст-трыб’ют NIRVANA, прысьвечаны дню народзінаў Курта Кабэйна.
Удзельнікі: PARTYZONE, s.d.m., ЛІТВІНТРОЛЬ, МУТНАЕ ВОКА, UNIA,
ZANIAPAD.
На фэсьце будуць прадстаўленыя гурты розных музычных накірункаў ад непасрэдна гранжа да фольк-року.
Арганізатары канцэрту: «Рознастылёвасьцю фэсту мы хочам паказаць творчасьць легендарнай групы ў розных праявах. Гранж, рок, метал, дуда з цяжкімі гітарамі… Нам здаецца гэта будзе цікава! Да таго ж усе гэтыя гурты аб’ядноўвае любоў і павага да NIRVANA. Зараз музычныя стылі перамешваюцца. Таму спадзяемся усё задуманае атрымаецца. Таксама перад пачаткам і пад час канцэрту будуць транслявацца відэа-запісы канцэртаў гурта. Будзе шмат конкурсаў! Так што усіх чакаем!»
22 лютага (пятніца), клюб Реактор, 18:00
Квіткі ў касе клюба.
Даведкі: 2886160, 7662425, 6490888
Happy Birthday Kurt!
22 лютага а 18.00 клуб “Рэактар” запрашае фанаў “нірванаўскага гранжу” адсвяткаваць дзень нараджэння культавага лідэра гурта Nirvana Курта Кабэйна. У трыб’юце прымуць удзел каманды розных музычных накірункаў: Partyzone, s.d.m., “Ліцвінтроль”, “Мутнае вока”, Unia, Zaniapad. Гурты сыграюць некалькі песень Nirvana і асабістую праграму.
Што думаюць удзельнікі канцэрта пра творчасць легендарнага музыканта і чым збіраюцца парадаваць аматараў Nirvana і сваіх прыхільнікаў, можна даведацца з іх словаў.
Лідэр гурта Partyzone Яўген: “Курт Кабэйн – сапраўды адыёзная асоба. Гурт Nirvana паказаў свету даволі цікавыя рэчы, да гэтай пары запатрабаваныя людзьмі. На канцэрце, акрамя кавераў на Nirvana мы збіраемся прэзентаваць свой новы альбом “Падаць і ўзлятаць”. Гэта будуць прыгожыя, не цяжкія песні”.
Саша, гурт s.d.m.: “Nirvana – адзін з першых гуртоў, які мы слухалі ў дзяцінстве. На гэтых песнях адбывалася наша музычнае станаўленне. Курт Кабэйн – легенда. І тут нічога не адымеш і не прыбавіш. Гэта назаўсёды. Зараз s.d.m. працуе над запісам новага альбому, які будзе ўжо хутка. Што будзем іграць на трыб’юце – пакуль сакрэт. Мы неаднаразова прымалі ўдзел у такіх канцэртах, таму хочацца падрыхтаваць нешта арыгінальнае”.
Андрэй, дудар гурта “Ліцвінтроль”: “Да музыкі Nirvana добрае стаўленне. Цікава паэксперыментаваць з гучаннем песень гурта не ў традыцыйным металёвым, а ў фолк-стылі. Чым зараз і займаемся. Да таго ж, хутка будзе гатовы наш альбом. Збіраемся запісваць ударныя партыі, дуды і вакал”.
Яўген, саліст і лідэр гурта “Мутнае вока”: “Нягледзячы на тое, што ўдзельнікі нашай каманды слухаюць розную музыку, надзвычай прыемна прыняць удзел у мерапрыемстве такога маштабу. Асабіста я і гітарыст “Мутнага вока” ўзраслі на творчасці Nirvana. Што тычыцца навінаў гурта, то не так даўно запісалі 3 дэма-песні, якія даслалі на радыё “Сталіца”. У снежні быў наш канцэрт, наступны чакаецца ў сакавіку. Зараз займаемся падрыхтоўкай да трыб’юту. Магчыма, акрамя традыцыйнай музычнай часткі прысутных чакае яшчэ і конкурс ад “Мутнага вока”!
Басіст гурта Unia Паша: “Гурт Nirvana мы паважаем як класіку. Цікава будзе зрабіць гэтую музыку ў фолк-стылі, паглядзець як можна яшчэ сыграць гранж. Чамусьці на трыб’ютах Nirvana заўсёды выступае адзін і той жа склад гуртоў. Радуе, што на гэты раз арганізатары вырашылі разнастаіць спіс удзельнікаў. Unia не так даўно запісала песню з лідэрам гурта “Палац” Алегам Хаменкам. Хутка яна будзе на “Тузіне Гітоў”. Акрамя трыб’юту, рыхтуемся да фестывалю «Фолк-безумие» ў Маскве. Амаль гатовы наш дэбютны альбом – засталося запісаць 3 трэкі. А на канцэрце нашым найлепшым падарункам аўдыторыі будзе клёвая музыка, добры настрой і “адский” раскалбас.”
Андрэй, вакаліст і гітарыст гурта Zaniapad: “Дзякуючы Nirvana, 90-я гады сталі эпохай гранжу. Zaniapad грае постгранж, таму роля Nirvana і Курта Кабэйна для сучаснай музыкі нам відавочная. Зараз пішам новы альбом, збіраемся напрыканцы лютага граць у клубе “Катакомбы”. На трыб’юце акрамя кавераў на Nirvana выканаем сваю новую песню і 2 ці 3 старыя. Для нас канцэрт 22 лютага будзе першым выступленнем на “вялікай сцэне”.
Інфармацыю пра канцэрт можна атрымаць па тэлефонах: 6490888, 7662425
Дар’я ГАРОШКА